Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ляецца… Так і па ўсяму краю — усё павернута і ўсё валяецца… Сапраўды кажучы — валяецца толькі тое, што нікому ня трэба, як нявартае. Усё тое, што мела хоць малую цану, падабрана нашымі «прыяцелямі» немцамі, палякамі, балахоўцамі і чорт іх ведае кім. Падабрана і падчышчана, як належыць.

— Усюды гэтак, усюды адны руіны, — загаварыў Несьцер. — Вось я еду з Украіны, і, каб вы бачылі толькі, што там робіцца: масты паўзрываны, чыгункі папсаваны, вёскі папалены…

— Так, вядома… Але-ж у нас гэта зроблена куды мудрэй. Там прайшлі раз-два й толькі. А ў нас тут — нясьціхана шэсьць гадоў тое й рабілі, што бралі, шукалі, даставалі й звозілі. Проста сэрца рвецца на кавалачкі, калі паглядзіш на край, якім ён стаўся…

— І якім-бы мог стаць, каб яго пакінулі ў спакою і аддалі людзям на адбудову, — уставіў Гарасім.

— Во-во, і я хацеў гэта сказаць, — падхапіў Шмуйла.

— А я бачу, што гаспадар карчмы ненарокам любіць наш край, хоць, здаецца, і няродны ён яму, — нясьмела праказаў Несьцер, баючыся, каб гэтым не пакрыўдзіць Шмуйлу.

Але той нават і намёку ня даў на крыўду: наадварот, гэта яго вызвала на выказ тых думак, якія, бадай, ці былі-б ім выказаны бяз Несьцеравых слоў.

— Братка ты мой, — поўным шчырасьці голасам завёў Шмуйла, — ці-ж можна наш край ня любіць? Дзе-ж ты найдзеш лепшых, спакайнейшых і працавіцейшых людзей? Дзе ты сустрэнеш выгляд лепшы, дабрату большую? Праўда, я родам ня згэтуль, але, дзякуй богу, жыву тут болей трыццаці гадоў. Ці-ж нельга прывыкнуць і парадніцца? Я ўжо пасьля першага азнаямленьня з людзьмі стаў яго сынам. Каму ці льга зжыцца, а чалавек нязлосьлівы, памяркоўны, ужыўчывы — хутка зжываецца. Так, я скора парадніўся і з краем, і з людзьмі. Скора й палюбіў іх.