Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І так мінула каля месяца. Цэлы месяц! Як многа часу! Колькі вады за гэты час працякло, якія здарэньні маглі трапіцца ў жыцьці Костуся, у яго жыцьці, поўным раптоўных капрызаў долі!

Але пачуцьцё перамагала ўсё, сэрца патрабавала свайго. Уся істота яе заставалася абуранай неадчэпнымі думкамі аб ім, аб Кастуську. Ня йшла на вум работа, кідалася з рук, нівошта не займала, нішто ня цікавіла. Гэтак доўга жыла з ім, гэтак шчыра зблізілася, так прывыкла да яго, так пакахала! Хто-ж і што ў моцы разлучыць іх назаўсёды, палажыць непераходныя перашкоды да іх спатканьня?

— Кінь ты гадаць аб гэтым, цудная! Пакінь дурасьць. Што ты ўгледзела ў ім самавітага, што з вума па ім сходзіш? Кінь, Агапка, — у добрым настрою часамі ўгаварвала яе маці. А часамі, калі ёй дочка надазаляла сваім Костусем, сур’ёзна гразілася:

— Выгнаць цябе, нягодніца, трэба. Усю сям’ю нашу апаскудзіць захацела… Зьвязалася, шэльма, з бальшавіком і няма рады… З бальша-авіко-ом!! Нібы няма лепшых хлопцаў на сьвеце… Вось пачакай, прыдуць легіянэры, тады іншае запяеш… Ды праз яго і нам бяды не адкасьніцца будзе… Прычэпяцца — і аграбяць ці заб’юць за няма нішто, за жуліка якогась там… Выганім, Агапа, насур’ёз кажу табе, калі не адрачэшся ад яго!..

— І трэба выгнаць! Волю сабе дала! Моц пачула… Праз бацькоў і не шманае! Пачакай, галубка, вазьму я цябе ў рукі! — ушчуваў Агапу бацька.

І ўшчунак яго выводзіў Агапу са сьцерпу ды яшчэ болей умацоўваў яе рашучасьць хутчэй уцячы да Костуся, зьбегчы ад нядобрых бацькоў і зьдзейсьніць свае мары. «Начальнік гарнізону! Усе падчыняюцца яго распарадкам, усе яго слухаюць! Посьле гонкі, бяспрыхільнасьці… Го, мой Костуська» — марыла Агапа ў самоце. — «Не, паеду, паеду, паеду!» — пераказвала яна сама сабе, міжвольна ўтуруючы рэдкім, мерным ударам звону. — «Толькі, калі мне пай-