Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аправіліся і нас назад к Полацку адапхнулі. Затое ў другі раз, як пайшлі мы, дык толькі трымайся. Ня спыніцца. І я ў першых радох дакаціўся ажно да Варшавы, дзе й быў перахвачаны панамі. Ледзьве ўцяклі к немцам.

Гарасім закашляўся і сплюнуў. Несьцер азірнуўся навакол.

Яны йшлі цяпер шляхам, які замыславата вярцеўся то сюды, то туды, нібы шукаючы лепшых мясцоў для сябе. Наўкруг ляжала белае поле, перасечанае ўзгоркамі. То сям, то там віднеліся засьценкі, фальваркі і сіняцёмныя плямы невялікіх ляскоў. Шляхам, на дзіва, ніхто ня йшоў і ня ехаў. Зрэдку праляталі вароны і перабягалі ім дарогу па адным, мабыць, заблудшыя сабакі.

— А скажы, браток Гарасім, ты не запісаны ў партыю комуністых? — запытаў чамусьці Несьцер.

— Не, — адказаў Гарасім, — але ўсё роўна я комуністы. Мо’ нават лепшы яшчэ за тых, якія й запісаны. Ведаеш, братка, я вельмі спачуваю цяперашняму ладу, бо бачу, што толькі ён дае магчымасьць нашаму брату-мужыку стаць сапраўдным чалавекам, і калі мы гэтага не патрапім выкарыстаць для сябе — дык мы нічога ня варты. Савецкая ўлада нас прызвала к дзяржаўнаму экзамену, дала нам, як кажуць, матэрыял у рукі і сказала: рабі. Вось мы й павінны паказаць, што мы рабіць умеем, што мы такія самыя людзі, як і нашы абірацелі — сябе ў крыўду не дамо…

Несьцер паддаваўся братнім словам і цешыўся, што брат яго дайшоў да разуменьня ўсяго таго, аб чым яму тлумачыць. У яго сэрцы расла ўцеха, што ён мае сабе гэткага слаўнага і разумнага брата.

— Я таксама, браце, стаю жыцьцём за цяперашні лад, — пасьпяшыў і Несьцер выказаць сваю думку, — і таксама, дарагі мой, шмат панёс за ахову свабоды. Дасталося ўсяго, усяго, што й казаць… Толькі мне вельмі добра, я вельмі рад, Гарасім, што і ты маіх думак. Пацярпелі многа, ну толькі-ж ёсьць завошта…

— Дык слухай, Несьцер, я дакажу табе да канца, што пачаў, — перапыніў брат Гарасім.