Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

засталіся. Пад вёскаю і ў самых Верацёнах была бітва. Палавіна вёскі згарэла, але наш будынак неяк уцалеў.

— Ну, скажы-ж, Гарасім, а ты ня пытаўся бацькоў, — ад мяне лісты яны даставалі, ці не? — перабіў Несьцер.

— Не, брат, ніякіх лістоў. Лічылі цябе прапаўшым. Маці плакала, бацька нудзеў. Я іх суцяшаў, хоць і сам ня верыў… Але слухай, брат. Пражыў я дома каля трох месяцаў. Думаў перш аставацца і надалей, а мо’ і назаўсёды. Але якраз нашым месцам пачаў наступаць немец. Напалохаўшыся яго, я, доўга ня думаючы, прылучыўся да нашых атрадаў і з імі адступіў. Бацька крычаў на мяне за гэта, кляла жонка, але нянавісьць да немцаў і ваяўнічы запал узялі верх. Такім чынам, я адступіў да Смаленску. А ў Смаленску я захварэў на тыфус. Праляжаў блізка два месяцы і ледзь жывы, адзін шкілет, устаў пасьля вялікадня. Служыць больш я ня мог, пайшоў да вачальства й кажу: «Пускайце дадому, а то ня выжыву»… «А як-жа ты дабярэшся?» — пытаюць. — «Дабяруся», — кажу. Вось мне далі водпуск на тры месяцы. Узяў я лахі пад пахі, сеў на цягнік, прыехаў да Воршы, а там рознымі выхілясамі, праз вёскі ды праз ляскі і дабраўся дамоў. Прыходжу, а там ужо мяне чакаюць, чакаюць ня толькі бацькі, а й немцы… Ух, нагаварылі на мяне ўсе гэтыя Цьвіркі, Ласы, Цьмені, што я ня толькі бальшавік-камісар, але й самы старшэйшы з бальшавікоў. А немцам было гэта наруку; ды яны ўжо да майго звароту забралі ў бацькі карову, дзьве авечкі, дзесяць пудоў збожжа і яшчэ гразіліся далей «падчышчаць». Дык вось, не пасьпеў я ўвайсьці ў Верацёны, як мяне, раба божага, так і абламзалі. Замест дому, я мусіў першую-ж ночку начаваць у комэнданцкай. А далей… Пайшлі дапыткі, адпраўка ў лягер, жыцьцё у лягеры чуць ня цэлы месяц. Ай-яй! — Гарасім за галаву хапіўся, — колькі мукі перанёс… А потым, не знайшоўшы віны, узялі і выпусьцілі. І я жыў пасьля гэтага ажно да наступу палякаў. Гаралі з бацькам два гады поле, кармілі жывёлу і — толькі. Немцы мала чапалі, а прыйшла Савецкая ўлада, мы ўзялі яшчэ панскіх пяць дзесяцін засеялі. Так-бы яно мо’ і йшло-б, ды на бяду — гэ-