Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Несьцер зьняў клунак, разьвязаў яго, дастаў акраец хлеба і невялікі кусок сала.

— Хахлацкае, брат, еж! — падаючы брату сала, сказаў Несьцер.

Гарасім быў галодны і прагна хапіўся за страву. Гледзячы на яго, не адставаў і Несьцер. Хутка аддзеленая порцыя была кончана.

— Давай цяпер пойдзем цішэй і па дарозе пагутарым аб нашым жыцьці, — сказаў Гарасім.

Яны падняліся, вышлі на шашу, зірнулі на неба і пайшлі.

Тымчасам неба стала праясьняцца, і праз рэдкую хмару ўхмыльнулася сонца.

— Весела будзе йсьці, — сказаў Гарасім.

— Так, — адказаў Несьцер.


V

Грэбені прайшлі моўчкі яшчэ сажняў з дзесяць. І толькі на граніцы ляску Гарасім рашыў пачаць сваё апавяданьне.

— Цяпер, браточку, то яно і цікаўна ўсё ўспомніць ды расказаць, а перажываць было ня так лёгка. Проста дзіўлюся я, як так удалося выхаяцца і вось цяпер ісьці з табою.

— Ну, ну, кажы спачатку, — прасіў Несьцер.

— А спачатку было так. Праз два гады, як цябе здалі, вайна выцягнула з дому і мяне. Як другаразраднік, я быў забраны ў пятнаццатым годзе, якраз перад наступам немцаў. Пакінуў жонку сваю і трое дзетак, і як вышаў з Верацён, — дык два з паловай гады неадлучна сядзеў то на фронце, то ў тылу, то зноў на фронце. Тры разы быў ранены і выцерпеў пекла мук. Думаў, што ня быць мне й жывому, але акрыяў і пасьля Акцябрскае рэволюцыі вярнуўся дадому. Быў вельмі рад гэтаму, бо ўбачыўся з бацькамі, з жонкаю, дзеткамі… толькі з двума з іх, бо трэцяе памёрла ў маю адсутнасьць. Ой, Несьцерка, колькі яны за тыя два гады працярпелі бяды! Перш сабраліся выехаць, як і іншыя, частку дабра распрадалі, частку павязьлі. Потым стары раздумаў, угаварыў жанок і