Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пачуўся гук звону, зварушыўшы сонную вёску і дапомніўшы аб заўтрашнім спачынку — нядзелі.

Агапа паднялася з лаўкі, устала і па старой прывычцы перажагналася ды глыбока ўздыхнула.

— Хутка прыдуць… А прыдуць — я і паведамлю іх, што наадалей кончана. Кіну-рыну і паеду — бо болей тут не магу заставацца, як яны сабе хочуць.

Агапа адвярнулася на хату і міжвольна спыніла ўзрок на сьцяне; портрэт у пазалочанай аправе ручнога вырабу, прыцягнуў яе да сябе. Агапа падалася бліжэй к сьцяне. Нярухома, усё ў адным палажэньні, вось ужо болей году, глядзеў на яе са сьцяны Кастусь, заліхвацкім, бравым, у хворменнай вопратцы чырвонага ахвіцэра, з рамухамі цераз плечы, папругаю і буйнай гвяздою на левым баку грудзей.

Кожны раз, як Агапа глядзела на портрэт дарагога ёй чалавека, — а глядзела яна траха ня кожную хвілю, знаходзячыся ў хаце, — сэрца яе білася часьцей, цёплае пачуцьцё ўцехі напаўняла душу, а прагнае, калючае жаданьне — ехаць к міламу Костусю — катавала яе да болі.

«Прыяжджай да мяне, у Н. Наша вайсковая часьць, посьле шасьцімесячнага бываньня на позыцыі, знаходзіцца ў горадзе на спачынку. Спачываць будзем болей месяца. Я чакаю павышэньня па службе, і, можа стацца, застануся начальнікам гарнізону. Бач, я адлічыўся ў бойках, дастаў падзяку, і за гэта мне даюць павышэньне».

Так пісаў Костусь у лісьце да Агапы.

І яна тысячу разоў прачытвала гэты ліст і кожны раз, перачытваючы яго, праглася да «жаданага Костуські» ўсёю душою.

Але час бег, а варункі і абставіны дамашняга жыцьця перашкаджалі ёй сарвацца з месца і паехаць. Праўда, тут яшчэ крыху віною былі яе трусасьць ды нерашучасьць. «Найду ці не найду Костуся, а ад бацькоў адарвуся… Тады заклянуць яны мяне, адракуцца назаўсёды. Бо супроціў іх волі мне прыдзецца зьбегчы ад іх», думала Агапа, калі сэрца прыводзіла да рашэньня…