Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у паношаную вопратку напалову цывільную, напалову вайсковую. На руцэ ў яго вісеў паўпусты мяшок, а з боку торбачка.

— Ці няма закурыць, — запытаў ён Несьцера.

— Няма, браточку, — адказаў той.

— А куды едзеш?

Несьцер пільна аглядзеў падышоўшага з ног да галавы, крыху памаўчаў, потым адказаў.

— Нашто табе?.. А сам куды едзеш?

— Я прыехаў сюды, а адсюль трэба сьцягаць вярстоў сорак да Верацён.

— Да Верацён? за Хрэпы?

— Але.

Несьцер пільна ўставіўся ў незнаёмага, паглядзеў на яго, і тут-жа падмеціў: незнаёмы выглядзеў знаёмым чалавекам, якога Несьцер дзесьці і калісьці бачыў.

— Я таксама йду ў Варацёны, — адказаў Несьцер, — а ты адкуль прыехаў?

— Я… Я…

І гэты, з свайго боку, штосьці знаёмае запрымеціў у Несьцеру.

— Слухай, таварыш, як тваё прозьвішча? Мне здаецца, што я цябе дзесьці бачыў? — запытаў Несьцер.

— Я — Гарасім Грэбень, — рашуча адказаў незнаёмы.

Перад Несьцерам як-бы адчынілася неба.

— Братка мой, родны мой, дык гэта-ж ты! Як-жа ты зьмяніўся! Ажно й не пазнаць цябе… Я… твой брат Несьцер. Якое нечаканае спатканьне! — растрывожана праказаў Несьцер.

— Ці можа-ж то быць? — са сьлязьмі ў вачох прыказаў Гарасім.

Далей ніводзін з іх ня мог гаварыць, і яны міжвольна, ахопленыя радасьцю, кінуліся адзін аднаму на шыю і моцна ды шчыра пацалаваліся. Выпадковыя падарожныя кідалі на іх свае погляды.