Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, дык ідзем, брат, — пасьля некаторага часу запрапанаваў Несьцер.

Гарасім нічога не адказаў: ён быў згодзен.


IV

Узрушаныя нечаканаю стрэчаю, браты Грэбені моўчкі крануліся з месца і, ідучы, доўга не знаходзілі слоў да аднаўленьня гутаркі. А тымчасам кожнаму здавалася, што ён-бы бясьціханьня гутарыў з братам, апавядаючы яму ўсе здарэньні жыцьця ў часы разлукі; думкі нястрымным роем націскалі ў галовы, словы заміралі на языкох.

Браты перайшлі рэйкі і выбраліся на дарогу, якая ад станцыі вяла на павятовы горад.

Рэдкія будынкі станцыйных служачых, раскіданыя паабапал шашы, сумна глядзелі на іх цёмнымі закрэпленымі шэранем вокнамі.

У некаторых вокнах яшчэ сьвірэлі агоньчыкі; траха не ва ўсіх доміках палілася ў печы, і з комінаў гнаў слупамі дым.

Між будынкамі віднеліся вогнішчы з высокімі комінамі і чорнабелымі камлямі дрэў.

Пры шашы наўскосак валяліся пакіданыя драцяныя загарадзі, вывернутыя слупы з тэлеграфу; пападаліся зламаныя вайсковыя драбіны-вазы, кускі колаў.

Грэбеняў гэта ня цікавіла: знаёмыя вобразы, такія надаедныя, такія агідныя…

Яны ішлі далей, уталопіўшы наперад свае празрыстыя вочы, якія зьзялі нявыразнай радасьцю, і маўчалі…

Доўга ніводзін ня мог, ці мо’ не асьмеліваўся першым пачаць гамонку, нібы баючыся зварушыць тую ўрачыстасьць іх раптоўнай стрэчы, якая вітала над імі.

Але скора, як у Несьцера, так і ў Гарасіма, усё іншае адышло на задні плян, а вынікла гострая патрэбнасьць гутарыць, казаць, сьпяваць.

К таму-ж акалічная абшарнасьць, якая ўставала са змроку, пачала ў іх абуджаць старыя ўспаміны. Колькі разоў ім