Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ку станцыі — адны разьбітыя падмуры. Для прыпынку праяжджаючых зьбіты насьпех дашчаны барак. У вагонах месьціцца і білетная, і комэндант, і начальнік станцыі. Зусім выпадкова засталіся няпрыметныя лямпавыя ліхтары, якія маркотна сьвіраць то там, то сям на пушчэльным абшары. Несьцер, акінуўшы вачмі гэты абшар, жахнуўся. Праўда, ён скеміў, што гэта плён вайны, але хацеў праведаць, чыіх рук гэта праца: немцаў ці палякаў. Ён падыйшоў к двум чыгуначнікам, якія гутарылі паміж сабою, і запытаў:

— Скажэце, дзядзькі, хто так пастараўся?

Адзін з чыгуначнікаў, рыжы дзядуля, ухмыльнуўся і адказаў:

— А, ласьне, ты, нябожа, нічога ня ведаеш?

— Не, дзедку, я здалёку вяртаюся і нічога ня ведаю, — адказаў Несьцер.

— Польскія паны, нябожа, усё гэта нарабілі. Ня толькі адны Зябы, а скрозь усе станцыі ў нашым краі дашчэнту зьнішчаны і зруйнаваны імі. Вось хоць-бы паехаць к Менску і далей — дык быццам ток навокал. Ня толькі станцыі, а ўся наша Беларусь цяпер — тыя-ж самыя Зябы — пустыр, руіны, ток. Паны, нябожа, пастараліся. Ой, як! Пакінулі аб сабе добрую памятку ў нашым народзе…

— Ах, погань ліхая! — абурана праказаў Несьцер.

Тымчасам на дварэ пачынала расьсьвітаць. Смуглыя ліхтары пачалі сумець і тухнуць адзін за другім. Цягнік, прамарудзіўшы хвілін з трыццаць, нясьпешна рушыў далей.

Несьцер некалькі часу прастаяў на адным месцы каля пахіленага ліхтара, потым пахіліў у бок.

Зрэдку снавалі па плятформе пасажыры. Бегалі клапатліва служачыя станцыі.

— Куды-ж ісьці? — запытаў ён сам сябе, — няўжо пусьціцца пешкі сорак вёрст да Верацён?..

І не пасьпеў вырашыць, як да яго падыйшоў нейкі мужчына, з вялікай чорнай барадою, з адрослымі лахматымі бакамі на яшчэ нестарым, але змучаным твары. Адзеты ён быў