Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чакаў гэткага выпадку, калі можна будзе бяз усякай шкоды для свае часьці выпрасіцца дамоў. Такі выпадак падышоў у той час, як Чырвоная армія аслабаніла Крым ад Врангеля і іх полк супыніўся ў Сэвастопалю, каб далей нясьці мірнае жыцьцё. У вадзін дзень Несьцер напісаў заяву політкому й копію камандзіру і праз некалькі дзён дастаў паўтарамесячны водпуск. З якою радасьцю ён сабраўся ў дарогу! Яго не палохалі ўсе клопаты далёкага пераезду, не задумоўваўся ён і над тым, ці ўдасца яму наогул дастаць удому тую душэўную суцеху, да якой ён так доўга прагся…

Зьвязаўшы клункі, Несьцер ушчапіў іх на плечы і пайшоў на вакзал. І як толькі сеў у вагон, зараз-жа пачаў выабражаць сабе ўсе падрабязгі свае наступнае стрэчы з бацькамі, братам, знаёмымі. У яго галаве мімавольна паўсталі пытаньні: а што там удому? Як жывуць бацькі? Мо’ ўжо забылі мяне… А мо’ ўжо іх няма? Столькі часу ня быў ён там! А колькі розных дзеяў начаўплося там за гэтыя гады! Гэта-ж сьвет мог перакруціцца ўверх галавою…


II

Чым бліжэй Несьцер пад’яжджаў да роднага месца, тым болей і болей забірала яго нейкая трывожнасьць, перамешаная з салодкасьцю ўцехі, з адчуваньнем цеплаты спатканьня, з прыемнасьцю пабачыць родную глебу пасьля доўгай разлукі. Бацка й маці, мабыць, старэнькія цяпер — нявыказна абрадуюцца і з абсьлезенымі вачыма кінуцца цалаваць, абнімаць, будуць уміляцца. Бо ня жарты, — цэлых сем гадоў іх ня бачыў — усё служыў ды служыў у войску. Праўда, у першыя гады службы Несьцер шмат пасылаў лістоў дадому: стараўся паведамляць бацькоў аб сабе, суцяшаць іх весткамі. Але, мяркуючыся з тым, што яму толькі разоў тры ўдалося дастаць на іх адказ, ён вылічваў, што яго лісты не даходзяць дадому, ці дома, мабыць, нешта нядобрае здарылася. Далей, прычыну таго, што бацькі не адпісвалі на яго лісты, Несьцер бачыў у тэй агульнай завірусе, якая ўзьнялася з пачаткам царскае