Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НА РУІНАХ

I

Цягнік падыходзіў к станцыі Зябы; ход яго памаленьку сьціхаў.

Несьцер Грэбень ляжаў на верхняй лаўцы ў вагоне і думаў. У галаве зьбіраліся розныя думкі і ўспаміны аб тым, што ён бачыў і перажываў, пачынаючы ад дзіцячых гадоў і да апошняга часу. Выразьней усяго ўставалі перад ім вобразы перажытага за доўгія гады вайсковае службы: спачатку ў царскай арміі, а потым у Чырвонай. Перад ім прамігнулі: царская вайна з усімі сваімі страхамі, першая і другая рэволюцыі, паўстанцкія атрады, вайна з Калчаком, Дзянікіным, Юдзенічам і, урэшце, з Врангелем. Усяк здаралася. Шмат разоў жыцьцё вісела на валаску. Тухла вера ўбачыць бацькоў, брата, сястру. Што рабілася там, у яго краіне, Несьцер толькі дагадваўся з тых кароткіх і няпэўных чутак, якія вычытваў з газэт ці даставаў выпадкова ад таварышоў. Весткі гэтыя адрыўна, патрошку далятаўшыся да яго, казалі, што там далёка, на бацькаўшчыне, дзеецца нешта страшнае, што нямаведама, ці застануцца жывымі бацькі, сваякі.

Кожны раз, дастаўшы сьвежую вестку з Беларусі, Несьцера ахапляла жаданьне вырвацца на які час з войска і наведаць сваю краіну, але ён не хацеў дзеля гэтага выкарыстаць нячэсны спосаб, — прыкінуцца хворым, ці стаць дэзэртырам. Не! Несьцер быў чэсным чалавекам і чэсна адданым справе рэволюцыі салдатам. Думаючы аб доме і бацькох, ён