Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 2.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СПАТКАНЬНЕ

На вуліцы зьмяркалася.

Залатыя чырвоныя праменьні сонца аблівалі хібы хат крывавым водблескам.

Было ціха. Густы мяккі пах гароднае зелені і садовых кветак сьвежым імпатам напаўнялі цёплае пыльнае паветра, робячы яго яшчэ болей душным і цяжкім.

У вёсцы, як і заўсёды, цякло жыцьцё ў звычайнай летняй клапоце, што зьвязана з тэрмінам касьбы і жніва.

Адрэдку па вуліцы праяжджаў селянін з поля, варочалася адтуль-жа з мяшком травы сялянка. Бегалі і крычалі ля хат рэзвыя, бесклапотныя дзеці, брудныя, абарваныя, з пакудлачанымі валасамі.

Агапа сядзела ля вакна, устраміўшы ўзрок у вакно суседняе, Дзям’яна Гляка, хаты, дзе весела гулялі адсьветы вагнёва-чырвонага праменю. У яе галаве поўзалі ўпартыя, настойныя, ужо праз цэлы тыдзень не пакідаўшыя яе думкі, якія часткаю пераходзілі ў апрацаваны, абдуманы плян. Пільна, заглядаючы ў самыя захоўныя дробязі яго, Агапа абдумоўвала, стварала ўсялякія магчымасьці да яго выпаўненьня і ўчуткі рашала: — Болей чакаць не намерана: няма магчымасьці і няма сілы. Досі ўжо! калі ня стану на цьвёрдую нагу — не згаварыцца з імі ні за што. Ды ім усё роўна незразумелы ні маё пачуцьцё, ні мая мова, ні… усё, што мяне акольвае. Вось ужо скора два гады, як жыцьцё ідзе не па тэй пуціне, на якой яны звыклі яго бачыць… Два гады, як згібла мінулае, а ім… нібы ўпартым, даруйце мне за вымову, казлом, хочацца свайго…