Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

БЕЗ РАБОТЫ

Няма працы — й сэрцу млосна —
Не знайсьці спакою…
Я так шчыра, я так моцна
Зжыўся змалку з ёю.

Дзень прыходзіць і пытаньні
Пруцца, лезуць ў душу:
Што да вечара ад раньня
Я рабіці мушу?

Рэзвым бегам кроў ня льецца,
Рукі зьвісьлі кнізу;
Сэрца вераю ня б‘ецца,
З думак — адны рызы.

Беглым ўзрокам хвіляй гляне
Водгуку надзея —
І у момант-жа растане —
Толькі зьяў павее…

Ходзіш — блудзіш і, здаецца,
Дарма траціш сілу —
Цяжкім болем сэрца рвецца,
Людзі, сьвет нямілы…

І ня тое, што работа
Голад прыпыняе,
Ва мне родзіць ўсе клапоты
Сумам абвявае.