Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

загартаваны ў барацьбе рэволюцыянэр; для яго справа рэволюцыі, грамадзкія абавязкі — вышэй асобных адносін. „Дзеля рэволюцыі ён ахвяраваў пачуцьцём каханьня, пакінуўшы без адказу просьбу каханай дзяўчыны не выяжджаць на падпольную працу пры немцах. Дзеля ідэі рэволюцыі ён забываў бацькоў, ня ведаючы, як яны жывуць, як іх становішча пад палякамі“. Але адначасна ў душы Платона Кічкі ў момант хваробы яго маці адбуджаюцца глыбокія пачуцьці спагады і жалю да хворай, і гэтыя пачуцьці сутыкаюцца з усьведамленьнем рэволюцыйных абавязкаў. У апавяданьні „Помста“ маем конфлікт паміж рэволюцыйным героізмам і дробязямі жыцьця. На працягу досыць вялікага твору „Панкел Ліпа“ праведзена драматычная колізія паміж абавязкам чырвонаармейца ды іншымі рухамі душы, якія адхіляюць героя апавяданьня ад гэтага абавязку і ледзь не даводзяць да зрады рэволюцыі. У Панкела, паводле слоў аўтара „душа раздваілася, і паміж дзьвюма яе часткамі ўзгарэлася барацьба, якая пачала мучыць Панкела, дратаваць усю яго істоту. Страшныя вобразы-здані і мары-выгляды панесьліся перад ім. Панкел раз-за-раз зрабіўся бязвольным і бязьлюдным стварэньнем“ (стар. 94). Нарэшце, у апавяданьні „На новым месцы“ падана напружаная барацьба жаночага абавязку і пачуцьця каханьня; на фоне гэтай барацьбы разьвязаны дзьве тэмы: тэма жаночай зрады, адультэру і тэма зайздрасьці, цёмнай і бязгрунтоўнай па сваіх вытоках.

У Ц. Гартнага, такім чынам, псыхіка чалавека малюецца зазвычай, як арэна барацьбы паміж сьветлым і цёмным пачаткам; аголеная ад свайго конкрэтнага зьместу, гэта ў канчатковым выніку — барацьба розуму і пачуцьця, сьветлага абавязку і цёмнага інстынкту.

У творах пісьменьніка ёсьць цэлы шэраг пасыўных натур, якія мала здольны да жыцьцёвай барацьбы, якія зьяўляюцца сапраўднымі „трэскамі“ на хвалях; у такіх натур надворныя акалічнасьці, абуджаючы сфэру эмоцый ды інстынктаў, атрымліваюць перамогу; абавязак падпарадкуецца цёмным рухам душы.