Але агульная концэпцыя жыцьця ў беларускага пісьменьніка далёка ад змрочнага фаталізму, у яго мы хутчэй знаходзім здаровы дэтэрмінізм. Пісьменьнік заўсёды паказвае абумоўленасьць чалавечых учынкаў надворнымі соцыяльна-экономічнымі фактарамі, але гэтыя фактары стаяць перад ім не як нейкая таемная „мойра“, а рысуюцца яму ў выглядзе надворных умоў, над якімі магчыма перамога. Шлях да гэтай перамогі — шлях барацьбы. Адсюль у творчасьці Цішкі Гартнага органічна вынікае мотыў барацьбы: гэты мотыў ён падае ў розных аспэктах. Пісьменьнік, папершае, малюе нам барацьбу ўнутраную, якая адбываецца ў душы чалавека; ён вельмі трапна выкрывае розныя душэўныя колізіі і сутычкі. Амаль кожнае яго апавяданьне мае даную псыхолёгічную сытуацыю. Напрыклад у памянёным ужо апавяданьні „Вялікодная каробка“ з пачатку да канца праходзіць перад намі ўнутраная трагедыя Антося Ступы, у душы яго сутыкаюцца ў цяжкі конфлікт здаровае сумленьне і бацькаўскі інстынкт, пачуцьцё жалю да дзяцей. Той-жа псыхолёгічны конфлікт становіць сабою і аснову апавяданьня „Штрэйкбрэхер“, дзе амалёвана сутычка паміж бацькаўскім інстынктам і таварыскім абавязкам, працоўнай солідарнасьцю: сьвядомы рамесьнік Анупрэй у часе забастоўкі ня можа выцярпець галадоўлі свае сям‘і і дапушчае зраду сваім таварышом, але пасьля гэтай зрады ён перажывае цяжкія пакуты. „Праз усю ноч Анупрэй ня мог супакоіцца і заснуць як сьлед. Толькі надыходзіў сон, плюшчыліся вочы і мярцьвела цела, як раптам унутры штосьці адрывалася, прабягала па ўсёй постаці калючая друготка — і сон прападаў. Чарадой віліся горкія думкі-сумленьні, і натужана працавалі мазгі над пытаньнем, як-жа назавецца яго паступак“ (стар. 75). „Слова „штрэйкбрэхер“, як малатком стукнула яму па галаве, разьліваючы ўнутры балючую трывогу“ (стар. 78). Малюнак унутранай барацьбы разьвінаецца і ў другіх апавяданьнях пісьменьніка. У апавяданьні „Больш за ўсіх“ паказана барацьба ў душы героя Платона Кічкі паміж рэволюцыйным абавязкам і пачуцьцём любасьці да хворай і канаючай маці. Герой апавяданьня — сьвядомы,
Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/21
Выгляд