Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рожаю. Гэта адчуваў Антось з таго моманту, калі выясьнілася, што надышоўшае сьвята прынесла многа дарэмных клопатаў і парушыла наладжаную хаду жыцьця. Чуючы звон і бачачы сьвяточны рух, ён даходзіў да злосьці і праклінаў сваё жыцьцё і грамадзкі лад. Антося дзівіла ўся заблытанасьць i супярэчнасьць яго, якая выглядала перад ім ва ўсёй сваёй прыкрасьці. Вялікае сьвята для адных — другім цяжкая мука і клопаты. Чаму гэта так?“ (стар. 19—20).

У апавяданьні „Распусьніца“ малюецца сямейная трагедыя, але і гэта апошняя, як заўсёды ў Цішкі Гартнага, угрунтавана на пэўнай соцыяльнай аснове. У даным творы перад намі выступае гаротная сям‘я, пакінутая гаспадаром, які зьехаў у Амэрыку: жонка, ня маючы сродкаў да існаваньня, робіцца распусьніцай; у душы дачкі, маленькай Анелі, сьпее пачуцьцё помсты і абурэньня проці бацькі — вінавайцы разбурэньня сям‘і. Пісьменьнік схапляе журбліва-драматычны момант, калі гэтыя пачуцьці дзіцятка моцна выбіваюцца вонкі: Аўдоцьця піша ліст чалавеку, і маленькая Анеля дыктуе ёй словы, поўныя злосьці на бацьку. „Напішы, матулька, кажа яна, што я лічу яго нашым згубіцелем, катам нашым“ (стар. 33). У гэтых простых і ў сваёй прастаце жудасных словах выказваецца ўся глыбіня чалавечага гора, якое забівае натуральна позытыўныя адносіны дзяцей да сваіх бацькоў і пераварачае іх у яскрава нэгатыўныя, калі бацька ў сьвядомасьці дачкі стаіць у постаці ката і згубіцеля.

Вобраз абяздоленай сям‘і зьмяняецца ў Цішкі Гартнага вобразам беспрацоўных, якія бяздомнымі тулягамі бадзяюцца па сьвеце, і ў якіх люты лёс адбірае астатні прамень надзеі.

Так, у абмалёўцы Цішкі Гартнага людзі — нібы тыя трэскі на бурліва-пеністых хвалях жыцьця. Такімі хвалямі, папершае, зьяўляюцца жалезныя законы экономікі: беднасьць, соцыяльныя супярэчнасьці парушаюць нормальны ход жыцьця і зьяўляюцца галоўнымі крыніцамі людзкіх пакут; яны руйнуюць нормальныя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, яны даводзяць да злачынства, самагубства і распусты, робяць людзей тулягамі.