Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 1.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

усёй глыбінёй чалавечага гора, ён расчыняе прорву трагічных колізій і сутычак, жыцьцё дарэволюцыйнага часу стаіць перад намі ў змрочных фарбах уціску і пакуты. Пісьменьнік, напрыклад, вядзе нас у бедную сялянскую хату; маленькі хлопчык Янка тут зьяўляецца ўжо працоўнай сілай, служыць у пана, але цяжкія ўмовы службы, панскі зьдзек прыгнятаюць чулую душу хлопчыка; дарэмна шукае ён паратунку ў маці, уцякаючы да хаты; беднасьць прымушае маці вярнуць сына эканому, няшчасны Янка ня вытрымлівае пакуты і канчае жыцьцё самагубствам („Лайдак“). Тут беднасьць, соцыяльныя супярэчнасьці паказаны ў трагічным асьвятленьні: беднасьць руйнуе нормальныя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, яна зьнішчае нават інстынкт самазахаваньня, соцыяльныя фактары аказваюцца больш моцнымі, чым біолёгічныя. У такім-жа трагічным асьвятленьні паказана беднасьць і ў апавяданьні „Вялікодная каробка“. У героя гэтага апавяданьня, беднага рамесьніка Антона Ступы, сваё цяжкае гора; ён ня можа справіць вялікоднага стала, ня можа нават і ў сьвята парадаваць сям‘ю; у ваччу яго ўвесь час стаяць галодныя тварыкі дзяцей; добрасумленны чалавек лютай беднасьцю даводзіцца да злачынства: ідзе красьці. Гэтай тэме выпадковага злачынства асабліва пашанцавала ў беларускай літаратуры; раней яна выяўлена была Якубам Коласам у апавяданьні „Малады дубок“, зачэплена Бядулям у творы „Сярод ночы“. Але ў Цішкі Гартнага і ў даным выпадку ёсьць свая ўстаноўка: ён імкнецца пераважна выявіць трагічны бок соцыяльных супярэчнасьцяй, паказаць беднасьць у яе руйнуючым аспэкце. З гэтага трагічнага патосу аўтара вынікае ў яго прыём антытэзы: злачынства паказана на фоне сьвяточнага побыту, і такі фон яшчэ больш адцяняе трагічнасьць становішча героя; псыхіка яго сапраўды — „бяздонная студня, поўная гора і сьлёз“. Напрыклад, вельмі трапна пераданы перажываньні Антося Ступы ў вялікодную ноч: „… Чулася навокал нейкая ўрачыстасьць, але на душы Антося было брыдка: ён ішоў на звон, пакінуўшы ў дому засмучоную жонку і пакрыўджаных дзетак. Уся ўрачыстасьць была для яго ня толькі чужою, а нават і ва-