Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вецер доіць малако са стрэх:
Лужы ў снезе пад страхою,
Нібы п‘яўка, вецер смокча снег,
Ходзіць-бродзіць з цеплынёю.

У туманнай у вільготнай мгле
Разгубіліся ўсе зоркі.
Песня гулка звоніць на сяле,
Гул бразгулак за пагоркам.

Серабра палоскі ад акон
Прыляглі да частакола.
І дрыжыць раздзеты смуглы клён,
Мокнуць гурбы навакола.

Свіст і рогат. Гурт хлапцоў, дзяўчат,
А наперадзе гармонік.
Хтосьці скача, хтось пускае жарт.
Гэтак весела сягоння.

Пасадзец, 1910 г.