Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗІМОВАЯ КАЗКА

Вісіць снежная ноч, вісіць лютая ноч
Сівай футрай над пушчай кашлатаю.
Белым пер‘ем снягі, белым сырам снягі,
Долы-горы пад снежнымі шатамі.

У адзічэлым бары, непрабудным бары
Жывуць людзі маўклівыя, злосныя.
У хароме шкляным, на пасцелі шкляной
Дрэмле дзеўчына сонцавалосая.

Вы завіце яе, вы будзіце яе —
І закрэхча хваіна высокая,
І заплача віхор, і застогне віхор,
Загалосіць зіма белавокая.

І ад страху зіма, ад спалоху зіма
У шаленстве марозным замеліцца.
Некілзаным канём, сіва-белым агнём
Пойдзе дуба сляпая мяцеліца.

I дзяўчына ўздыхне, цяжкі сон перарве,
Пальцам бровы ачысціць ад шэрані.
І зірне навакол, непрытульна вакол,
Выюць сумна ў бары ваўкі шэрыя.