Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/329

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зашапталі, прыляглі,
Болей шэптаў не вялі.

II

Туман коціцца ў даліне,
Птушка дрэмле на галіне.
Зоркі-кропкі на паперцы.
Месяц — хмаркавае сэрца.
Дрэмле рэчка — рэчка млява.
Месяц сінь яе крывавіць.
Лес маўчыць. У лесе цені
І галінак дрыгаценне.
Вядуць шэпты ветрык з мгліцай.
Птушка піскнула: штось сніцца
Аб нябеснай вышыні,
Аб зямельнай цішыні.

Вось і поўнач б‘е ў акенцы,
Певуны пяюць у сенцах.
Месяц пляміць сцены, лавы.
І свярчок тут бавіць бавы.
Госць натупаўся так сёння,
Балабочыць ён спросоння,
Душыць цяжкае паветра.
Таракан на сценцы светлай
Тырк цянюткім вусам-голкай.
Раптам госць расплюшчыў вока.
Зноў сапе, як паравік.
Не пачуе — хоць даві.

Блізка мыш скрабе па сценцы,
Кот цікуе на паленцы.
Зоркі з неба зірк праз шыбы.
Дзед на печы: „эх, зажыў-бы!“
Ціха, спрытна нож ён точыць —
І чатыры злыя вочы
Стуль глядзяць кашачым зрокам,
Прабіваюць скруткі змрокаў,