Туманом апранае фальварак,
Нібы ў шэры, вільготны кажух,
Варанне падбухторыць да сварак,
Вырай птушак спляце у ланцуг.
Зробіць зыбку з асвера над студняй,
Закалыша туды і сюды,
Завядзе свае спевы марудна,
Хоць давіся ад гэткай нуды.
Восень ценем палохае, труціць
Адзінокія мутныя дні;
Кожны раз жменьку хвіль яна скруціць;
Ноч раней затуляе лугі…
Ноч расце і расце, нібы казка,
Цёмным ценем між стромкіх барын.
Сябру дню уступае, як ласку,
На жыццё надта мала гадзін.
I
І гудзіць малатарня на доднік,
Коні шчыра пільнуюць свой круг,
І драцянкай фарсіць малы шкоднік, —
Абарваны свавольнік-пастух.
Як загойкае грозна і злосна,
Як тыркне пугаўём пад аброць,
Дык аж коніку робіцца млосна,
А дагэтуль ішоў самахвоць.
То паправіць хамут гаспадарна,
Раптам лейцы без толку рване…
„Галапуп! — хтось крычыць, — што так марна?
Не кіруе, а толькі псуе!“
У таку малатарні у губы
Снапы сам падае гаспадар.
Аж скрыгочуць сталёвыя зубы,
Паядаюць і жруць глебны дар.