Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/309

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Падавайце шыбчэй без спачынку —
Звядуць торпу збажыны цалком.
А зярняты мільгаюць пад скрынкай
Залацістым, жывым ручайком.

Дзеўка віламі ўверх падкідае
Саламяны скалмачаны пук:
Мо‘ збажына схавалася тая,
Верыць нельга-крадзецца з-пад рук.

А за ёй гаспадарава жонка
Прабівае салому ямчэй.
І журчыць, як крынічка, гамонка,
Ідзе праца хутчэй і хутчэй.

III

Дзед граблямі гартае з зярнятаў
То саломку, то жмут каласоў;
А ён сам у саломе калматы,
Мужычок старадаўніх часоў.

Захадзілі ў яго раптам грудзі,
Як на зло, граблі выпалі з рук,
„Што тут будзе далей? Што тут будзе?
Звар‘яцеў мой сыночак Лаўрук“.

„Звар‘яцеў, як вярнуўся ён з лесу,
Скуль на шляхту ішоў з грамадой.
Нешта ў голаву смешнае лезе,
Жэніць глупства з падумкай дурной“.

„Сквапным вокам глядзіць на комуню,
Хваліць новы парадак і лад.
Свой язык вечна муліць і муліць,
Ці пацягнеш сыночка назад?“

„Бярэ сполах, як глянеш на ўнучку,
Стала нудна ёй тутака жыць.
А бажніцу назвала анучкай,
З айцом-богам пайшла на нажы…“