Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/216

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ноч разліла свой атрамант
Па-над морам паміж скал.
Ходзіць-бродзіць сівы лямант,
Карак б‘е за валам вал.

Вецер грае, водзіць спевы,
Звоніць тысячамі кос,
Сыпле пукі пер‘яў з пены
На заслюнены адкос.

А на мысе на Піцундзе,
Што разлёгся, бы ягнё,
Вырастае ў блеску-цудзе
Вабным вокам аганёк.

Дайце човен, рыбаловы,
Каб лягчэй за матылька.
З думкай радаснай, агнёвай
Паплыву да аганька.

Вецер грае на прасторы,
На хрыбтах імглістых хваль.
Як і сёння, заўтра мора
На чало накіне даль.

Гагры, 21/II 1926 г.