Перайсці да зместу

Старонка:Збор твораў (Бядуля, 1937). Том I.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ад плачу птушкі невядомай
Я прачнуўся раніцой…
Гушчар дрымаў на мшалай горцы
Пад туманістай імглой.

Вятрак пісаў крылом па небе
Сонцаграйны сказ вясны;
Сляпілі неба руні хмарак,
Нібы спозненыя сны.

Спяваў асвір над старай студняй
Роем з‘юшаных пчалін,
Бярозка шастала ў аконца
Сотняй пальцаў рук-галін.

Жабрачкай дрэва выстаўляла
Чорны сук на стары плот.
Здаецца, во скранецца з месца
На жабрачы свой абход.

А птушка плача, на абшары
Кліча сонечны прамень.
Стаіць цяплынь і пахне мёдам
Новы, ціхі, вешні дзень.

1922 г.