Гэта старонка не была вычытаная
— А я-ж цябе гадавала, няньчыла, сьлёзкі выцірала, карміла, адзевала…
— Хадзіла на падзённую і аб табе ўсё думала… купляла хустачкі чырвоненькіе…
— Ніхай-жэ бы ты жыла і я бы табе палатна наткала, я-ж ужо кросны прыгатавала…
— А я бы сама падставіла плечы, каб бацька мяне біў, а не цябе…
І, як галубка падстрэленая, білася, кідалася старая Арцёміха.
Дзіўнай робіцца душа чэлавека у горы. Чароўным робіцца слова балючаго сэрца, даходзіць яно тады да найвысшаго хараства, да сьвятасьці і чыстаты, робіцца ўладарным над людзьмі.
Плакала старая Арцёміха сухімі сьлезамі і бытцым пеяла:
— Земля — зямелька родненькая!
— А тым ужо на векі прыкрыла сьцюдзёнымі грудкамі Ганульку маю…