Старонка:Зборнік «Нашай Нівы» (1912). № 1.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яна хоць была ешчэ і маладая, але ня даў Бог ей больш дзяцей. Ня можэ Матруна нават плакаць, сьлёз німа, вочы высахлі. Пойдзе яна на могліцы і сядзіць там цэлы дзянёк ды галосіць. А Сёмка усё часьцей ды часьцей паседжывае у карчме. Ведама, без гаспадара й гаспадыні стала гаспадарка нішчыцца.

Паглядзіць Сёмка на гаспадарку, возьме яго жаль і ешчэ горэй запье.

От, раз ужо мо ў самую поўнач вышоў Сёмка с карчмы. Быў ён падвыпіўшы; падыйшоў каля дарогі да крыжа, спатыкнуўся ды й сунуўся ў канаву. У канаве вады не было, толькі трохі гразі. Ночка цёплая. — Аддыхну, — думае Сёмка і палажыў голаў на траву. А трава мяккая, як падушка. Ляжыць Сёмка дагары і глядзіць, колькі зорак на небі. Вось адна зорка пакацілася й патухла. — Мо гэта душачка майго Янкі, — думае Сёмка.