Сьцены! Я вас праславіць хачу —
у песьні ціхай —
Над кожнай цэглай дзіравай
Жывы чалавек-жа дыхаў…
Я — малы, няпрыметны
Гляджу на вашыя высі —
Здаецца, на дахах гэтых
Хмары цяжкія зьвісьлі.
У вулках лезе ў рот мне
Паўчыньне часоў калішніх —
Тут мо’ таму гадоў соткі
Елі паненкі вішні…
Рукі ўздымалі белыя,
Сьмяяліся ўсьмешкамі сочнымі…
Ў вуліцы вось апусьцелай
Шалясьцяць іх шагі дзявочыя.
Як гэта дзіўна страшэнна —
І нас усіх час забудзе.
Вы, можа, скажаце, сьцены,
Што жылі тут калісьці людзі.
|