Перайсці да зместу

Старонка:Заранкі (1924).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Наш кліч да ўсіх, чыё сумленьне
Яшчэ хоць малай іскрай зьяе:
Да працы з намі!.. Йдзём з натхненьнем!..
Нас слава вечная чакае.

|}

РАСКУТЫ ПРОМЭТЭЙ.[1]

„За гарамі горы хмарамі павіты,
Пасеяны горам ды крывёй паліты;
Спакон веку Промэтэя там арол карае,
Штодзень дзяўбе яго робры, сэрца разрывае“…З народнай песьні аб Промэтэю.

Калісь у старажытнасьці багі Алімпа
К скале, марскі што грэбень абмываў,
Так моцна прыкавалі Промэтэя,
Што нярухома ён, як-бы мярцьвяк ляжаў.
Як толькі ён, зьнямеўшыя ад болі рукі й ногі
Хоць крыху рупіўся заварушыць,
Яго пакутай злоснаю каралі.
Здавалася, што надта мала будзе ўжо ён жыць,
Як толькі ён хацеў падаць свой голас,
Яны хутчэй яму сьціскалі рот.
І хоць ён люду мілы быў, бо даў сьвятло жывое,
Але атратаваць яго бязмоцны быў народ.
І думалі памсьлівыя багі Алімпа,
Што ўмацавалася улада іх навек.
Але свае астатнія напружыў сілы
Магутны гэты чалавек —
І затрашчэлі і рассыпаліся з звонам,
Трымаўшыя яго так моцна ланцугі,
І вось, на дзіва ўсяму сьвету, вольны
Пакінуў ён марскія берагі.

  1. Промэтэй — гэта, як гаворыцца ў грэцкіх апавяданьнях аб багах і волатах, — дзяцюк-асілак, які ўкраў у багоў для людзей агню і за гэта багамі быў прыкаваны моцнымі зялезнымі ланцугамі да скалістае гары.