1 ўцякач. Чакай, чакай там, дзядзька, як прыдзе пара — паедзем.
Сьляпы. А па мне хоць-бы і зараз ехаць.
2 ўцякач. Дзівак ён! Не, старэнькі, яшчэ ня зараз прыдзе гэтая пара…
1 ўцякач. Еду-еду я ад самага Тамбова і што бачу: па ўсіх вакзалах страшэнны бруд і непарадак. Людзі, як быдла, як вось і мы цяпер, валяюцца на голым ды запаскуджаным памосьце. Цесната, бесталач, гарачае вады няма. Ня дзіва, што людзі хварэюць ды паміраюць у вагонах і на вакзалах і ў бараках, як тыя сьвіньні ў пошасьці.
2 ўцякач. Есьці, братка, няма чаго людзём, во бяда!
1 ўцякач. І я тое кажу. А тут-бы во пашоў куды, можа дзе зарваў-бы што, — калі ня купіў, дык хоць-бы выпрасіў, — а ён стаіць пры дзьвярох і ня пускае. Куды ні ступі, усё, „цурук!“ ды „швайн!“ — крычаць на нашага брата, як на дурную авечку.
2 ўцякач. Няўжо-ж няма спосабу вырвацца з гэтага пекла, — і прыдзецца, апрача таго, два тыдні ў каранціне сядзець?
1 ўцякач. На немцаў няма, братка, спосабу, — сядзі… (Чуваць выцьцё ў другім пакоі). Ах, як галосіць… Чуеш, галосіць?
2 ўцякач. Гэта адзін памёр начою, дык пляменьніца галосіць. З пляменьніцаю ехаў. Слухай! Як хораша ўсё-чысьценька вычытвае. Ах, добра вые!
Голас. А мой дзядзюхна, а мой родненькі! Поўненька тут людзей, толькі ня ў госьцейкі прышлі к табе, няма нікога і разьвітацца з табою! Не на сваёй лаўцы ты лёг, дзядзюхна! Мой міленькі, мой сухлявенькі! А ты