так лёгка апрануўшыся і табе ня сьцюдзёненька… Не пачакаў ты нас, паляцеў наўперад за ўсіх даведацца, што там робіцца ў роднай хатачцы… Хто-ж цябе там ад марозу прытуліць? Там-жа, кажуць, усё спалілі, усё паразьбівалі. А мой дзядзюхна! Ці ты за што загневаўся? Можа калі дрэнна паслала, нячыста памыла… А ў мяне-ж было поўна работы, аб аднэй думала, на другую забывалася… Намучыліся мы, нацярпеліся на чужой староначцы, нагаладаваліся, намёрзьліся… А ты і пачакаць трошкі не захацеў… Паляцеў адзін, мой дзядзюхна, мой старэнькі саколіку…
1 ўцякач. Пайду, пагляджу…
2 ўцякач. Ня ідзі, ня пусьціць. (Паказвае на жаўнера). А плача — ах, добра!
1 ўцякач. Пайду хоць ласкавае слова ёй скажу. (Ідзе).
Немец. Цурык! (Варочае яго назад).
2 ўцякач. Вярніся хай ён падавіцца сваім цуруком.
1 ўцякач (жаўнеру). Пусьці, братка, хай-жа я ласкавае слова ёй скажу!
Немец. Цурык! Швайн! (Уцякач варочаецца).
2 ўцякач. Ты на яго „братка“, а ён на цябе „назад, сьвіньня!“
1 ўцякач. Чаго-ж гэта ён так раззлаваўся?.. Ой, што гэта за гвалт, што там такое, братачка мой?
Жонка (ляціць, як шалёная. Немец яе ловіць). У мяне муж памёр, дзеці галодныя! Не чапайце мяне! (Плача).
Перакладчык (у дзьвярох). Мадам, усіх трасуць, і вас мусяць аглядзець. (Кажа нешта немцу панямецку і выходзіць назад за дзьверы).