Гэта старонка не была вычытаная
V
Дзеецца на эвакуацыйным пункце ў Воршы, у бежанскім бараку пад лесам. Поўная стадола і палаці і падлога ўцекачоў. Ляжаць, сядзяць, ядуць, стогнуць, шукаюць у галаве — бабы, дзеці, старыя мужчыны. Скрозь — лахманы, бяда, пакута. Пры дзьвярох стаіць нямецкі жаўнер з цесаком. Адзін маладзейшы ўцякач вядзе другога ўцекача — сьляпога дзеда і садзіць на падлозе пры жаўнеру.
Сьляпы. Дык гэта мы ў вагон прышлі, братку?
1 ўцякач. У вагон, дзядзька. Вось тут сядзі і чакай адпраўкі. (Сьмяецца).
Сьляпы. А чаму-ж мы нікуды не ўзьлязалі, усё па роўным ішлі?
1 ўцякач. Гэта-ж нямецкія вагоны такія. Ну, дык сядзі тут і маўчы. (Сам ідзе к 2-му ўцекачу, садзяцца побач і гамоняць).
2 ўцякач. Што гэта — дурны?
1 ўцякач (ціха). Не, ён сьляпы. Блукаецца і начальству і ўсім дакучае, пытаецца калі паедзем. Дык я яго і пасадзіў: хай думае, што ў вагоне.
2 ўцякач. Комэдыя як хто ня ведае.
1 ўцякач. Адзін, стары дый наверх — сьляпы, адбіўся ад свайго эшалёну. Бяда мне з ім. Мы землякі.
Сьляпы (з свайго кутка). Дзякуй табе, добры чалавеча, што ты ў вагон мяне пасадзіў, але чаму-ж гэта марудзім, чаму ня едзем?