Перайсці да зместу

Старонка:Жартаўлівы Пісарэвіч (1928).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Баба. А што, нялюба слухаць? Паня такая! Мінулася вам панства! Вон з мае кватэры! Каб заўтра ўжо і вочы мае вас тут ня бачылі! (Ляпнула дзьвярмі і крычыць у кухні).

Пісарэвіч (калі ўсё сьціхла). Глупства, завязі ты мяне, Стася, у больніцу! Можа я палепшаю… А калі і памру, дык бяз гэтага гвалту… Эшалёну я ўжо не дачакаюся.

Жонка (плача). Алесічак, што ты кажаш, як-жа я буду адна, з дзетачкамі, божа мой!

Пісарэвіч. Прасіся ў кухаркі ў прытулак, бліжэй да дзетак. А можа бяжэнскі камітэт дасьць якое месца. А там эшалён пададуць, дамоў паедзеце…

Жонка. Алесь не жартуй! Што ты гэта кажаш?! Не краі ты мне сэрца, Алесь…

Пісарэвіч. Якія жарты… Аджартаваў я сваё. Не дачакацца ўжо мне эшалёну. Тут застануся…

Жонка. Алесь, што ты мяне палохаеш? Эшалён пададуць, дамоў паедзем… Дзеткі гадаваць будзем…

Пісарэвіч. Ня плач, Стася. Ну паедзем… Будзем гадаваць… Адзін Пісарэвіч памрэ, два Пісарэвічы вырастуць. Эт, нічога! Добра… усё добра будзе…

Жонка. Алесь, не жартуй! Падумай, што ты кажаш!

Пісарэвіч. Найлепшы быў-бы жарт, каб я памёр тут да адпраўкі, а то нараблю табе клопату ў дарозе… Ах, трудна мне, Стасенька, трудна! А вось бачыш, ня плачу. І ты ня пляч…