Пісарэвіч. Дзяўчынка схапіла рэцэпт і ўцякла… Кідаеш, Стася, абы-дзе.
Жонка. Ах, свавольніца! Я матцы пажалюся на яе! (Пабегла, але дзяўчынка сама нясе скамечаны рэцэпт і кідае).
Дзяўчынка. Наце! Ня бачыла я вашых паперак, падумаеш!
Жонка. Ах ты, распусьніца! Навошта-ж пакамечыла? (Разгладжвае). Ну, ідзі ў кухню, гуляй там, бо хвораму дакучаць няможна.
Дзяўчынка. А я не хачу! Хата ня ваша!
Пісарэвіч. Выйдзі вон, дзяўчынка! Ты мяне раздражняеш!
Дзяўчынка. А я не хачу! Хата ня ваша!
Пісарэвіч. Выйдзі вон, брадзяга!
Дзяўчынка. Я не брадзяга, — майго бацьку на вайне забілі за вас, праклятых!
Жонка. Ідзі, ідзі! (Бярэ яе за плечы і выводзіць). Бач, распусьціла язык, як карова.
Дзяўчынка (сумысьля крычыць). Ай, ратуйце! бяжэнка б‘ецца! (Потым сьціхае).
Пісарэвіч. Ну, скажэце! Вось так нумар! Яна мне ўсё нутро пераверне, гэтая жаба малая… Стася! Стася!
Жонка (прыбягае). Што, Алесік?
Пісарэвіч. Што ты там робіш? Кінь ты іх там, пасядзі са мною.
Жонка. Што табе, Алесік?
Пісарэвіч. Прывядзі ты заўтра нашых хлопчыкаў з прытулку…
Жонка. Добра, добра… Я зараз яешаньку табе прынясу… (Выходзіць).