Перайсці да зместу

Старонка:Жартаўлівы Пісарэвіч (1928).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паня (яшчэ маладая і даволі харошая, але пустая, выглядае). Мо-ожна?

Пісарэвіч (устае і падыходзіць да дзьвярэй). Хрышчоныя? Бараду носіце? Сурдут новы? Гаворка людзкая? — Тады можна… Калі ласка!

Паня. Я вас не разумею… Выбачайце: тут мяшкаюць панства Пісарэвічы?

Пісарэвіч. Тут, тут… хоць якое там панства! Быў конь, ды зьезьдзіўся. Ну, нічога, нічога…

Паня. Можна мне бачыць пані Пісарэвічыху?

Пісарэвіч. О, колькі ваша ласка! Толькі яна пашла цяпер на промысел.

Паня. Промысел? які промысел?

Пісарэвіч. Промысел — чым мы будзем жыць і што мы будзем есьці. Але, грамадзянка, ня стойце ў дзьвярах, праходзьце далей у нашы палацы!

Паня (нясьмела заходзіць). А хто вы такі? Ці сапраўды тут жывуць панства Пісарэвічы?

Пісарэвіч (тыцкаючы сябе пальцам у грудзі). Вы, грамадзянка, бачыце перад сабою грамадзяніна, ці, як вы кажаце дзеля старой сваёй прызвычаёнасьці, пана, грамадзяніна-пана Пі-са-рэ-віча! Проша! (З выкрутасамі запрашае сесьці).

Паня. Божа! А я вас не пазнала… Як вы зьмяніліся, пане Пісарэвіч!

Пісарэвіч. А вы, грамадзянка, здаецца, — панна Ліхтароўчанка, калі не памыляюся. Можа, тымчасам, — былая панна Ліхтароўчанка?