Мяшчанка (сьмяецца). Але-ж не, пачакаю, бог з вамі, я не аб тое.
Пісарэвіч. А-а! Ведаю, ведаю! Аб гэтых новых уцекачох? Так, угадаў?
Мяшчанка. Мне здаецца, яны ня будуць плаціць акуратна. Супакойце мяне, пан Пісарэвіч! Вы гэткі вясёлы чалавек.
Пісарэвіч. О, я надта вясёлы. Змалку гэтакі. У нашым краі ўсе гэтакія: нязвычайна жартаўлівы народ.
Мяшчанка. Дык супакойце мяне, пан Пісарэвіч! Што вы думаеце аб іх, гэтых новых з вашага боку?
Пісарэвіч. Ведаеце, Мар‘я Іванаўна, як дзеля вас, скажу па шчырасьці. Мне здаецца, што яны нічога свайго ня маюць, у іх усё крадзенае.
Мяшчанка. Ах, што вы? Ня можа быць! Яны мне дровы пацягаюць…
Пісарэвіч. О, напэўна, напэўна, пацягаюць. Прапалі вашыя дроўцы, Мар‘я Іванаўна!
Мяшчанка. Ах, божа мой! Парайце, пан Пісарэвіч, што-ж гэта мне цяпер рабіць?
Пісарэвіч. Ня журыцеся, Мар‘я Іванаўна! Уздумайце на што-колечы вясёленькае, прыемнае, Мар‘я Іваноўна!
Мяшчанка. Вы-ж мяне павесяліце, пан Пісарэвіч. Як гэта вы казалі, што ў вас ня так, як у нас, — не на дрэве, а на зямлі ігрушкі растуць… Хі-хі!
Пісарэвіч. А так, так, у нас там і зімы ніколі ня бывае.
Мяшчанка. А матачкі! Ото няшчасьце! А як-жа ў вас масьлянка? — без каўзяля?
Пісарэвіч. Чаму — без каўзяля? Го-го! Мы сабе з Масквы сьнег выпісваем, а з Варшавы саначкі. Так і пакатаемся і паваляемся… го-го!