∗ ∗
∗ |
Жонка. А ўсё ты, Алесь! Зусім ня так трэба было гаварыць з духоўнаю асобаю.
Пісарэвіч. А як з ім гаварыць? У руку яму цалаваць?
Жонка. Ты і не цалаваў, а ўсё роўна ён падумаў, што мы простыя.
Пісарэвіч. А чым-жа мы крывыя, каб яму вочы павылазілі!
Жонка. Цярпець не магу тваіх грубых выразаў! Сапраўды, ад твае інтэлігентнасьці нічога не асталося. Ну, куды цяпер? Куды?
Пісарэвіч (зьбянтэжаны). Чоррт… Хоць-бы тут камітэт які быў!
Жонка. Разьлічай на камітэты, дык цэлы год на вакзале пражывеш… Ты зусім здурнеў, Алесь.
Пісарэвіч. Не клапаці: з вакзалу выганяць. А вось я зараз здурнею — і буду мець кватэру. (Сядае пасярод вуліцы на зямлю).
Жонка. Што ты робіш, Алесь?! Не рабі скандалу!
Пісарэвіч. Ты ідзі на вакзал, пакармі дзяцей, а я буду сядзець тут і ня ўстану, пакуль мне не дадуць кватэры.
Жонка. Алесь, што ты робіш?! Цябе паліцыя забярэ.
Пісарэвіч (сьмяецца). Няхай забірае.
Жонка (тармосіць яго). Не звадзі мяне з розуму, Алесь! Глядзі, людзі ўжо бачаць, што ты робіш…