∗
∗ ∗ |
Баба (вылятае раскудлачаная, гнеўная). Вы хто? Уцекачы? Забілі майго Івана, каб вас бог забіў! Забілі! Забілі! Што я цяперака параю з аднэю галавою? А-а, вы, немцы проклятыя! (Кідаецца на жонку).
Пісарэвіч (выступае наперад, каб схаваць жонку). Ня бойся, Стася, ня бойся! Якія немцы, цётка? Што вы гэта? Мы ўцекачы, кватэру шукаем… Мы-ж вам ніколі нічога ніякага, як той казаў… Стасенька, супакойся! (Жонка трасецца і хліпае).
Баба. Каб вас паралюш разьбіў! Басурманы! Ідалы! Нехрысьці! Забілі мне мужыка! Зьвялі мяне з капылоў! Чаго вам трэба ад мяне, ірады? Якая ў мяне кватэра?
Пісарэвіч. Супакойся, цётачка! Чаго-ж і вам трэба ад нас?
Баба. А чаго вы лезеце да мяне? Нашто вы мужыка мне з сьвету зьвялі? А-о, галовачка мая бедная з вамі… (Пашла назад у хату).
Пісарэвіч. Супакойся, Стася, — бывае…
Жонка. Нейкая шалёная: не разьбірае, што немцы, што ўцекачы.
'Пісарэвіч. Ня дзіва: адзін муж быў, і той асіраціў бабу, не падумаўшы, што з гэтага можа быць…
Жонка (нэрвова). Ізноў ты вырабляешся, Алесь! Дзеці галодныя, адны на станцыі, а ты тут жарты строіш… Кіну і пайду, шукай адзін, а мы там будзем плакаць… (Абцірае сьлёзы). Ну, куды цяпер? Ну, куды, кажы?
Пісарэвіч. А што я ведаю? Папаў, як у нерат: ні ўзад, ні ўперад. А без цябе я ня буду шукаць: бывае знайду, а табе яшчэ не спадабаецца.