Перайсці да зместу

Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зьбянтэжаны селянін ткне пальцам наперад — у даль, у рэдкі ельнічак.

— Вунь там…

Панасюк чуе здалёку голас чалавека.

— Палякі брата забілі… Падпалілі хату… Ратуйце…

Чалавек гаворыць адрывіста, нібы дэпэшу дыктуе.

Панасюк па голасу пазнае старога Сымона з вёскі Гладышоў.

— Ратуйце! Ратуйце! — узмацняе Сымон сваю вестку перад атрадам.

Атрад сьпяшыць…

„Зараз… Зараз“… — думае Панасюк.

Вось першыя хаты роднае вёскі.

Той самы пах, як і пяць гадоў таму назад.

Панасюка расчульвае родны пах вясковай кісьляціны.

Нічога не зьмянілася. Толькі мох на стрэхах пышнейшым стаў, гусьцейшым аксамітам сьцелецца па шэра-бруднай саломе. Платы раскіданы, павалены. Каля хаты дзядзькі Сапрона ляжыць плазам дубовая старая брама. Шулы вывернуты з чорным сьвежым мясам зямлі, а вароты тут-жа расьціснуты, як маленькі паром.

Шпарка ідзе наперад атрад… Перад вачыма Панасюка мігацяць маленькія шыбіны вакон. Дзе-ні-дзе мільгне ў вакне ільняная дзіцячая галоўка, расплюсьне нос аб шкло — і зноў зьнікне, нібы спрытная мышка.

Вось і выган…

Родная хатка Панасюка…