Шкада стала Язэпу такога слаўнага пеўня, які, пэўна, цяпер сьніць прыемныя сны. Але нічога ня зробіш — справа вымагае. Тут без ахвяр не абыйдзешся. Язэп толькі думаў — як цапнуць пеўня, каб ён і ня пікнуў, каб крыку не нарабіў.
Язэп быў захоплен гэтай думкай.
Ён асьцярожна, ціха, як цень, падсунуўся бліжэй да пеўня. Яго рука, як пятля, кінулася да пеўня. Ён пальцамі адразу сьціснуў шыю пеўня так спрытна і моцна, ажна певень толькі крыльлем залапатаў і ні разу ня крыкнуў.
Куры, праўда, паднялі гармідар, але Язэп прытаіўся да сьцяны і перачакаў, пакуль усё зноў супакоілася.
Трохі было яму прыкра, не па сабе за свой разбойніцкі ўчынак, але пацяшаў сябе тым, што певень нават і ня чуў, як паехаў да Абрама на піва…
„Такую лёгкую сьмерць ня кожнаму шанцуе“, — падумаў Язэп.
∗
∗ ∗ |
Ён поўз на руках і нагах па бульбоўніку да рэчкі. Часта супыняўся, падымаў голаў і аглядаўсяі па бакох.
— Некалі адамшчу паном, а пакуль што хоць трох патрывожу іх…
Язэп выпаўз з бульбоўніку.
Каля рэчкі нікога ня відаць.