Перайсці да зместу

Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён ведаў, што прыдумаў ён не такое важнае, даволі дробнае, але хацелася чым-небудзь дадзець, хоць чым памсьціцца за зьдзек, за зьнявагу.

Цэлы дзень Язэп аб гэтым думаў. З нецярплівасьцю дачакаўся ночы.


∗     ∗

Ноч была хмурная, цёмная.

Язэп яшчэ ўдзень заўважыў, дзе курасядня ў суседа Арцёма — на гумне пад паветкай. А белы певень — яго, Арцёмаў.

Прыкра было Язэпу красьці ў суседа пеўня. „Некалі, — думаў Язэп, — я аддам яму за пеўня пяць, дзесяць курэй. Але цяпер певень мне патрэбен“.

Язэп прапоўз агародамі на гумно Арцёма.

Спакойна было вакол. Людзі спалі. Цёмным стадам невядомых жывёлін выглядалі вясковыя будынкі. Лёгкі вецярок шастаў саломай па стрэхах, гойдаўся каля студні. На недалёкім лузе стрыкаталі стрыгунчыкі. У альхоўніку за выганам грагала балотная птушка. Яе голас напамінаў скрыгат пілы.

Язэп аглядаўся вакол, звыкся з цемнатою ночы, і ваколічныя рэчы пачалі вырысоўвацца перад ім болей ярка і выпукла.

Пад паветкай, дзе сядзелі куры, было шмат павуціны. Язэп натыкаўся на гэту павуціну, здымаў яе з сваіх вачэй, з губ і давай прыглядацца.

Куры, уткнуўшы галоўкі ў крыльлі, спалі на нізкіх жэрдках. Язэп заўважыў у кутку белага пеўня. Яго яркая бялізна кідала ледзь прыкметны асьвет.