На савецкім баку рэчкі стаяў чырвонаармеец на варце. Яго стрэльба блішчэла на сонцы, раскідваючы сталёвыя праменьні.
Язэп з зайздрасьцю глядзеў на той бок і ціха стагнаў. Арлы загарадзілі дарогу туды — у суседнюю, блізкую вёску…
Супроць Язэпа на вуліцы стаяў яго блізкі сябар Міхалка дзівіўся на яго.
— Чаго лыпіш вочы? — зазлаваўся Язэп.
— Язэп, гэта ты? — зьдзівіўся Міхалка. — Ну і адчыкрыжылі цябе палякі! Ледзь пазнаў…
Міхалка з страхам пазіраў на сіні напухшы твар Язэпа і ківаў галавой:
— Ну і размалявалі…
— Так паноў некалі маляваць будзем! — хрыплым голасам адказаў Язэп і пайшоў далей вуліцаю вёскі.
У сьметнікі на вуліцы капаліся куры. Сярод іх разгульваў стройны, белы, як сьнег, певень. Ён клікаў-зваў курэй з кучы на кучу на спажыўныя знаходкі. У сваёй белай халамідзе певень выглядаў як духоўная асоба, якая вядзе за сабою дэвотак-багамолак.
Язэп зацікавіўся гэтымі багамоламі. Пільна ўглядаўся ў іх.
Белы певень зьвярнуў увагу на Язэпа. Зірнуў на яго скоса адным вокам, кудахнуў раз-другі з апаскай і павёў сваіх парахвіян далей ад гэтага небясьпечнага чалавека.
У Язэпа ў гэтую хвіліну мільганула думка. Ён злосна ўсьміхнуўся і пашоў дахаты.