Перайсці да зместу

Старонка:Дэлегатка (1928).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ты падпаліў маёнтак пана Ашынскага! Ты Ты, халера, псякосьць!

— Дальбог, ня я! — хрыплым голасам стагнаў Язэп тое самае, што гаварыў ужо мо‘ сто разоў.

— Твой бог такая сволач, як ты сам! — грымнуў жандар.

Дзеля пацьвярджэньня сваіх слоў ён штурхнуў Язэпа ботам у левы бок.

Тут істужка ўспамінаў атуляецца туманом. Язэп ад такога штурхача абамлеў у другі раз.

У другі раз яго аблілі халоднай вадою.

Між Язэпам і жандарам вялася доўгая барацьба: жандар запэўніваў, што Язэп падпаліў маёнтак. Язэп аднеківаўся.

Нарэшце напалі на іншы сьлед.

Язэпа адпусьцілі — зьняважанага, пакалечанага.


∗     ∗

Язэп ішоў дахаты.

Усё цела ныла ад болю. Выпыты жандара ён адчуваў кожнай косткай, кожным мускулам. Яму здавалася, што гэта ня ён ідзе, а нейкі незнаёмы чалавек.

Гэта было ў поўдзень. Асеньні дзень быў вельмі цёплы і лагодны. Здалёку блішчэла срыбным поясам рэчка Сьлязанка. Тут была беларуска-польская граніца. Вёска, дзе жыў Язэп, была над самай рэчкай.

Язэп углядаўся ў слупы з польскімі арламі. Мёртвыя арлы мітусіліся ў яго вачох, дваіліся, траіліся. Яму здавалася, што чуе іхні дзікі клёкат.