— Нехай,— шептала ў поў голоса. — Нехай пасьпіць ешчэ крыху.
І толькі тады, як азваўся фабрычны гудок, клікала хлапца:
— Марцысь! А!.. Марцысь! Уставай, сынку, сьвісьціць.
А Марцысь адвярачываў галаву да сьценкі.
— Гэта шпак, матуля… марматаў ён.
— Які шпак! Гэна ўжо ў фабрыцы сьвісьцяць, а не шпак.
Пацягіваўся, накрываў галаву, марматаў, але матка не адхадзіла, бо начная зьмена кончылася, а качэгар мусіў прыйсьці на сваё мейсцэ перад тым, як прыходзяць работнікі. Гэтак было што дзень, нават і ў нядзелю.
Неяк раз, залачком ешчэ, малец с крыкам разбудзіўся ды і сеў на пасьцелі.
Матка была ўжо пры ім.
— Што табе? Што табе, мой міленькі? — пытала яна жаласьліва.
Не атказываў. Глядзеў вялікімі вачамі, губы трасьліся, галава мокрая ад поту. Толькі пад расьцёгнутай кашуляй можна было чуць і бачыць, як сэрцэ бьецца ў грудзі, бытцам тая птушка ў клетцы.
— Што табе, мой сынку? Што? — ды туліла яго да сябе, як якое дзіця малое.
Доўга ня мог ачунець.
— Нічога, матуля, — пачаў нарэшце гаварыць, — нічога. Толькі прысьнілася мне… што… ў мяне ўдарыў пярун.