Перайсці да зместу

Старонка:Дудка беларуская (1922, Коўна).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Як-бы то ня чуе, — як-бы то не знае!
Потым ваўкалакі, смаўжы, ваўкалюды,
Зубастыя ведзьмы сабралісь з усюды;
На яго суюцца, зубамі скрыгочуць,
Ён тыкі капае, аж чэрці рагочуць!
Асэсараў, соцкіх, ураднікаў хмара
Наляцелі, грозяць, другі аж удара…
Ен усё капае, ані аглянецца.
Скарб і паказаўся, — няма куды дзецца!
Кацёл, як кадушка, зялезам абіты…
Абухом, як трэснуў, дык пусьцілі ніты;
Рэчкай паліліся новыя дукаты,
А хцівец падумаў: „Цяпер я багаты!“…
Набраў іх бяз ліку, у мяшок насыпаў,
На плечы закінуў, зрадзеў, — аж захліпаў,
І… ляціць да дому з тымі дукатамі…
Аж тут і пагоня зямлю капытамі
Рвець, як даганяе, аж сапуць іх коні!
Ён чуе, што блізка, можа німа гоні, —
Дукаты у лісічкі, а сам у калоду
Перакінуўсь зараз і прапаў, як у воду!
Калі-ж наляцелі калмыкі, арапы,
Шаблямі махаюць, аж трасуцца храпы,
Ды ніяк нічога ня могуць дарадзіць,
Так то умеў хцівец і сьлед свой загладзіць.
Тыя-ж пастаялі, пацмокалі трохі,
Коні завярнулі і пайшлі, як блохі.
Калоду у сябе зноў, лісічкі ў дукаты
Перакінуў хцівец і ляціць да хаты.
Калі ў поўдарогі чуе — ізноў гонюць,
Крычаць і страляюць і шаблямі звонюць.
То былі татары — кудлатыя шапкі,
А твар, — як дзьве скулы, а вочы, — як крапкі.