Старонка:Дудка беларуская (1922, Вільня).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жыцку“ і як дурня абсьмяялі-б! А можа і запраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць ня можна? Ой не! Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам і гаворым-жа мы ёю шмат і добрага, але так ўжо мы самі пусьцілі яе на зьдзек не раўнуючы, як і паны вялікія ахватней гавораць пафранцуску, як пасвойму. Нас-жа ня жменька, а з дзесяць міліёнаў — больш і шмат больш не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар ці армян, а пакажы-ж, ваша, хоць адну кніжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцьці нашым, каб панашаму?

Ці-ж ужо нам канечна толькі ў чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет і трэба, знаць суседзкую мову, але найперш трэба знаць сваю.“ Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас такія-сякія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй, а хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсьць вечная і ад жывых людзей і ад бацькавых касьцей! А пісаць ёсьць шмат чаго!

Спрадвеку, як наша зямелька з Літвой злучылася, так і з Польшчай зьедналася добравольная, дык усё яе „Беларусяй“ звалі, і не дарма-ж гэта! Не вялікая, не малая, ні чырвоная, ні чорная яна была, а белая, чыстая; нікога ня біла, не падбівала, толькі баранілася.

Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, а потым зусім замерлі, Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі. Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы: хто якую носе; ото-ж гаворка [1], язык і ёсьць адзежа душы.

  1. мова.