Струк. А хто-ж яго ведае, трэба паспытаць, а потым ужо, як Пятрусь кажа: аналізірваць з усіх бакоў, па косточках…
Пятрусь (сьмяецца). Дык-жа не „аналізірваць“, а ана-лі-за-ваць! Разумееце?
Струк. Якая розьніца: ня кіем, дык палкаю…
Зоська. Ну добра, увечары паспытаем. (Зьбіраецца ісьці).
Пятрусь. (Да Зоські). Пачакай. Разам пойдзем. (Бярэ нерат, ідуць).
Струк. Але-ж заўсёды яны разам, не раўнуючы, як голуб з галубкаю.
Грыб (сьмяецца). Ці не раўнуеш ты толькі?
Струк (глядзіць у вочы Грыбу). Ну сказаў: ды па мне няхай сабе варкуюць на здароўе. (Паўза). Толькі…
Грыб (перарывае). Толькі маладыя яны яшчэ.
Струк. Дык і я-ж гэта хацеў сказаць, што рана ён завязаў голаву.
Грыб. Каму?
Струк. Ёй, дый сабе заадно.
Грыб. Але. Трэба было яшчэ пагуляць.
Струк. А пара з іх добрая.
Грыб. Так. І па абліччы яны паходзяць адзін на другога. Адным словам, скора будзем вясельле гуляць.