Струк (жартуючы). Відаць, што ня трэба сватоў…
Бягунец. Гавэнда, каб гэта на мяне, дык я скора вывеў-бы гэтыя норавы. (Злосна). Цьфу! Раней гэтага ня было, вось распуста!.. (Паўза). Глядзі ты на яе, якая разумная.
Струк. Відаць, разумнейшая за цябе.
Бягунец. А ты памаўчаў-бы, дурніца!
Струк. Што?..
Бягунец. Кажу — дурніца.
Струк (сьмяецца). А ты бабыль!
Бягунец (сьціскае кулакі). Эх, ня хочацца толькі рук смуродзіць.
Сьцяпан (папраўляе акуляры, чмыхае, зьвяртаецца да Бягунца). Чаго там ня хочацца, за гэта ў морду б‘юць.
Ганна Піліпаўна (зьдзіўлена). Што вы? — не чакала. (Паўза). Яшчэ культурны чалавек.
Сьцяпан (чмыхае). Культурны, культурны! Што вы мяне вучыць будзеце?
Ганна Піліпаўна. Вучыць я вас ня зьбіралася, але-ж вы самі павінны бачыць, што тут кругом цемра, несьвядомасьць, а вы яшчэ падбухторваеце.
Сьцяпан (устае). Біцьцё вызначае сьвядомасьць.
Ганна Піліпаўна (зьдзіўлена). Што?..