Гірш (застанавіўся). Што?
Зоська. Ганну Піліпаўну, адтуль…
Гірш. Ведаю, ведаю. (Выходзіць).
Ігнась. Ну, а ты, старая, рыхтуй вячэру.
Агата (ідзе ў кузьню). Добра Ігнаська, добра.
Ігнась (падыходзіць да стала). Што-ж ты, дачушка, тут прынесла?
Зоська (весела). Рыбы падсмажыла.
Агата (нясе міску з страваю). Ігнаська, мо‘ і вячэры ўжо ня трэба?
Ігнась. Чаму?
Зоська. А сапраўды, мо‘ Пятруся пачакаем?
Ігнась. А як-жа, ды вядома, што пачакаем.
Зоська (рада). Ён, напэўна, галодны, галодны…
Ігнась (глядзіць на Зоську). Малайцом ён у нас, дый ты разам з ім.
Зоська (сарамліва). Ды што вы?
Агата (кроіць хлеб). Бацька праўду кажа. Трэ‘ было-б ужо…
Ігнась. Але, але, старая, трэба было-б ужо…
Зоська (разумее ў чым справа, але не паказвае віду). Трэба было-б ужо… мо‘ хоць піва прынесьці…
Агата. Ёсьць, ёсьць… (Ідзе ў кузьню і выносіць піва).