Старонка:Дрыгва (Аляхновіч, 1925).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ты мяне, бо я простая дзяўчына з вёскі; бо я не патраплю гэтак разумна гаварыць, як нейкія паненкі-выкрутаскі; ты стыдаўся, бо я кэльнэрка, а калі стыдаўся, значыцца ня любіў мяне!.. А я, дурная, — я верыла яму! (хапаецца рукамі за галаву). О, нашто я верыла яму?

Міхалка. Чакай… супакойся…

Манька. Але! «Супакойся!»… Хочаш мяне супакоіць? Разбіў маё сэрца нагоднік, а цяпер: супакойся! А ці ты ведаеш, што мо’ ніводная з тваіх разумненькіх, «інталігентных» паненак ня будзе цябе любіць так, як я любіла! Я табе аддала усё сэрца, усю душу, усе думкі свае! Я падавала гасьцям піва, а думала аб табе, я клалася спаць, я ўставала — і думала толькі аб табе, ды аб табе! Калі ты доўга ня прыходзіў, я мейсца сабе не знаходзіла, я думала, ці не здарылася нешта з табой… А ты вось які!

Міхалка. Супакойся… Яшчэ ня раз спаткаемся… Я прыеду… Гэта-ж не на заўсёды…

Манька. Але! «Не на заўсёды!» Ты хочаш мяне супакоіць… Не! Дарма! Я ўжо ведаю ўсю праўду і цяпер ужо мяне не ашукаеш… О, я цяпер усё ведаю, усё рузумею!.. Але, праўду ты казаў: няхай ужо ўсё адразу скончыцца, лягчэй на сэрцы будзе… Ах, і за што я цябе гэтак любіла?! О, як я цяпер ненавіджу цябе! О, чаму Грышка тады вось тут, замест у руку, ня ўсадзіў табе нож у сэрца! Ня мучылася-б я цяпер гэтак!..