Старонка:Дрыгва (Аляхновіч, 1925).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Галубоўскі, — гэта мастацтва, творчасьць — вось твая жонка, Галубоўскі!

Галубоўскі. Была адна, і то прагнала… з іншым зыйшлася. Цяпер намаўляе хэўру, каб мяне са сьвету згладзіць, каб магла за другога замуж пайсьці… Але я ня дамся!

Лякдугна. Ня дамся! — вось наш кліч! Але, але! Ня даймося!… Усе крычаць, паказваюць пальцамі: вось п’яніца!… Ну, дык што, што п’яніца? Якое вы маеце права крычаць на мяне: п’яніца? Што вы цьвярозыя, а я адзін п’яны? А ведаеш ты, Галубоўскі што значыць: адзін?… Ібсэн добра сказаў: найдужэйшы той, хто адзін… Вось як! Дык што, што крычаць? Няхай крычаць! няхай б’юць! хай душаць нават…

Галубоўскі. Даўно ўжо душыць… (паказваючы на грудзі) тут душыць… Паміраць трэба…

Лякдугна. Паміраць? Хэ-хэ! паміраць! што сьмерць! — глупства! Ты, Галубоўскі, безсьмяротны, але ты пішы, Галубоўскі! (бярэ сваю чарку). Пі, Галубоўскі!

Манька. Ці пан Лякдугна даўно бачыў Міхася?

Лякдугна. Я бачыў, ты бачыў, ён бачыў, мы бачылі, вы бачылі, яны бачылі, але яна ня бачыла… Ха-ха-ха!

Манька. Я не жартую! Бачылі, ці не? І ці гэта праўда, што ён хутка ўжо зьбіраецца ехаць на ўнівэрсытэт?

Лякдугна. О, даўно ўжо пара яму ехаць, але наш брат ня надта любіць сьпяшацца: